Слова да кнігі
Каб не ператварыцца ў пыл
Алесь Станкевіч – чалавек неардынарны, шляхетны, духоўна адораны. Нацыянальная гісторыя і культура, літаратура і мова, грамадскія клопаты – неад’емныя складовыя яго жыцця і шматграннай дзейнасці.
Зборнік А. Станкевіча «Прынагоднае» – мастацкае люстэрка яго напружанай інтэлектуальнай працы, вынік працяглых пошукаў, назіранняў і творчых знаходак.
Кніга адкрываецца вельмі кранальным аповедам-успамінам – «Па Магілёве басанож». Аўтар прыгадвае ўласнае пасляваеннае дзяцінства, вельмі цёпла піша пра бацькоў і родных. А. Станкевіч без прыхарошвання распавядае пра жыццё ў камунальнай кватэры, тагачасную беднасць і нястачу, калі не ставала хлеба, былі перабоі з крупой і цукрам. Разам з тым, у яго памяці ўсплывае шмат светлага і маляўнічага. Ён з захапленнем згадвае забавы і гульні, цікавыя здарэнні і прыгоды, як напрыклад, вялікую паводку і велічна-дзівосны крыгаход на Дняпры, наведванне з бацькамі гарадскога свята – Дня ваенна-паветраных сіл, якое адбывалася на аэрадроме. У творы мноства цікавых назіранняў, разнастайных звестак пра Магілёў і яго ваколіцы, а таксама адметных гісторый, які выдатна перадаюць агульную атмасферу часу. Вялікае ўражанне на юнака зрабілі матчыны расповеды, а таксама ўспаміны колішніх партызан, якія часта збіраліся ў бацькоўскай кватэры.
Ва ўспамінах А. Станкевіча шмат разважанняў, важных высноў і падсумаванняў. Нельга не пагадзіцца з яго думкай, што жыццё – гэта ў значнай ступені выпрабаванне і выклік для кожнага чалавека. Вельмі карысныя яго педагагічныя парады, асабліва аб тым, як належыць ставіцца да бацькоў і сталых людзей. У творы ёсць адна цікавая дэталь, звязаная з паходжаннем аўтара. Так, А. Станкевіч вельмі шкадуе, што позна даведаўся пра ўласную прыналежнасць да шляхецкага роду «па мячу і па кудзелі», бо ў савецкі час гэта не віталася, паколькі, нібыта, «перашкаджала будаваць камунізм».
Прыватныя, на першы погляд, успаміны Алеся Станкевіча пра ўласнае дзяцінства, сталенне, набыцё жыццёвага досведу, набываюць абрысы істотнага дапаўнення, вельмі неабходнай сюжэтнай лініі ў агульнай мазаіцы сапраўднай і поўнай усенароднай гісторыі, творцамі якой з’яўляюцца людзі.
Эсэ «Пачатак прайду» адрозніваецца добрым выкладам і псіхалагізмам. А. Станкевіч выдатна перадаў душэўны стан шчаслівага бацькі.
Значную частку зборніка А. Станкевіча займаюць яго вершы ды эпіграмы. Сярод іх – каларытныя віншаванні і прысвячэнні, а таксама творы інтымнай лірыкі, патрыятычныя заклікі, вершаваныя пратэсты супраць ганьбавання мовы і культуры («Мова», «Настаўніку»).Найбольш каштоўныя ў мастацкіх адносінах вершы-прысвячэнні: «Мечыславу Грыбу», «Чыславу Сяржуку» і «Тамковічу Алесю».
Несумненную гістарычную каштоўнасць уяўляюць дакументальныя занатоўкі і навукова-публіцыстычныя творы А. Станкевіча, яго выступленні, а таксама разважанні і меркаванні па актуальных пытаннях грамадскага жыцця.
Алесь Станкевіч бясспрэчна валодае пісьменніцкімі здольнасцямі, якія варта развіваць і ўдасканаліваць, абапіраючыся найперш на класічныя традыцыі нацыянальнай літаратуры. Яго кніга «Прынагоднае» чытаецца лёгка, на адным дыханні, з захапленнем. Жадаю ёй прыемнага спаткання з дабразычлівым і спагадлівым чытачом.
Іван САВЕРЧАНКА,
доктар філалагічных навук,
прафесар