1. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск, Казахская ССР
Яны накінуліся на яго, як шакалы, знянацку і спадцішка. Болю ад удару па галаве не адчуў, адно ў вачах пацямнела і ногі сагнуліся ў каленях. Але да зямлі, якая нібыта цягнулася абняць рукамі жанчыны, прагнуўшай пацалунку, ён прыпаў не тварам, а далонямі, быццам уздумаў на нейкую трасцу адціскацца, чым умомант расчараваў яе. Яна адпрэчыла яго, адштурхнула ў гневе, і ён перакуліўся на спіну. Чацвёра маладых казахаў у скураных куртках і цяжкіх чаравіках стаялі над ім колам. Адзін з іх сціскаў у руцэ яго заплечнік з прадуктамі і падарункамі для ўнукаў (шакаладныя цукеркі, наборы салдацікаў-піратаў, лялька, што прамаўляла слова «ма-ма», калі яе нахіліць), другі перакідваў з рукі ў руку драўляную біту для гульні ў пікара. Напэўна, ёю хлопцы мелі намер аглушыць дзеда ды абрабаваць па-ціхаму. Ён узгадаў усіх і кожнага. Разам ехалі апошнім рэйсавым аўтобусам з Караганды. Яны сядзелі на задніх сядушках, гучна размаўлялі па-свойму і пілі партвейн, рагаталі і рыгалі нібыта наўмысна, нібыта правакуючы на тое, каб ім зрабілі заўвагу, каб потым з задавальненнем выплеснуць п’яную агрэсію на пасажыраў славянскай знешнасці. Але тыя маўчалі, уціскалі галовы ў плечы або рабілі выгляд, што спяць. Маўчаў і ён. Не хацеў звязвацца. Дый узрост не той. Да таго ж сядзеў у самым пачатку аўтобуса, акурат за кіроўцам. Не хацеў, яны навязаліся самі. Ішлі, відаць, крок у крок за ім, як выйшлі з аўтобуса, на дзіва бясшумна, быццам здані ці цені. Ён не пачуў іх, старэе, не іначай, або пастарэў і не заўважыў калі. Амаль ля самага дома, у арцы, праз якую хадзіў заўсёды, бо так бліжэй, за ёй адразу і пачынаўся двор, першы палісаднік яго, велічэзныя таполі паабапал асфальту ўздоўж пад’ездаў і жалезнай, пафарбаванай у зялёны колер трубы, што апаясвала сабой двор замест плота, ды карагач…
Моладзь не хацела працаваць, асабліва карэнная. Рабаванні і забойствы пачасціліся з увядзеннем дэмакратыі. Яны былі крыламі дэмакратыі, яе анёламі і дэманамі. На жаль, нічога, акрамя подласці і хлусні, з ёю ў грамадства не прыйшло. Вось ён, вынік. Напад на пенсіянера ў цёмным месцы. Вось яна смеласць сённяшняя. Няўжо дзеля такіх нашчадкаў яго пакаленне гарэла ў танках і самалётах, партызаніла ў лясах, падрывала сябе гранатамі?!. Каб потым тыя нашчадкі вось так адзячылі, у падваротні, з-за спіны… Якая гідота! Зрэшты, хто пра ўсё тое памятае ці ведае тут, у горадзе, хоць і шахцёрскім, але цалкам зэкаўскім?..
Адзін з нападнікаў схіліўся над ім, маючы намер, відаць, абшукаць кішэні, упэўнены, што ахвяра аглушаная, як рыба. Ён выпрастаў руку наперад змяёй, якая беспамылкова ўпілася ў гарляк бедалагі і бязлітасна сціснула кадык. Перад сабой бачыў зараз не чыіхсьці бязмозглых і бесталковых дзяцей, а ворагаў, як на фронце. І фронтам яго быў вось гэты цёмны закуток у арцы. Ён мусіў трымаць абарону і выжыць, бо галоўнае на фронце не загінуць, а менавіта выжыць, аб чым ніколі не стамляўся даводзіць падначаленым байцам. Загінуць ніколі не позна, нічога складанага ў смерці няма, а вось выжыць – тая шчэ марока, цяжкая, з крывёй і паносам, але неабходная на вайне рэч.
Ён згрупаваўся, як кашак, перакаціўся праз сябе і пакінуў хрыпець на тым месцы, дзе толькі што ляжаў, таго, каму пашкодзіў кадык. Нямоцна выцяў плячо аб шурпатую сценку аркі ды падняўся, абапіраючыся аб яе спінай. Ухіліўся ад чарговага ўдару бітай, якая з такой моцай сутыкнулася з каменем, што высекла іскры, і аскепкі граніту з адламанай тынкоўкі чырканулі па шчацэ. Раз’юшаныя твары маладзёнаў пагрозліва матляліся, бы галовы цмока, хіба што не пляваліся агнём, перад вачыма.