Завiруха цэлы тыдзень трымае перадсвяточны Мiнск у сваiх пякуча-халодных абдымках. Як састарэлая нявеста моцна трымае ў руках маладога жанiха, так i яна, завiруха, з нейкiм шалёным свавольствам учапiлася ў гарадскiя вулiцы i плошчы. Гурбы снегу паўсюль. Пранiзлiвы вецер адчувае сваю сiлу i,быццам гуляючы, перасоўвае гурбы з аднаго месца на iншае, засыпае вокны i дзверы ў дамах, правяраючы iх на трываласць. А ў падваротнях вецер спявае аднаму яму вядомую нудлiвую, журботную песню.
На Саборным пляцы iдзе падрыхтоўка да Новага года. Мiнскi губернатар, князь Вiктар Арыстархавiч Друцкi-Сакалiнскi, ладзiць баль.
Дзесяць барадатых дворнiкаў з рання да вечара ссоўваюць з пляца абрыдлы снег i, пазiраючы на хмарнае неба, лаюць непагадзь. Лаюць без злосцi, бо, як нi кiнь, а работа для iх звычайная i прыбытковая. Па-першае, князь абяцаў добра заплацiць, а па-другое, што не менш важна, штогадзіну хтосьцi з княжаскай чэлядзi выносiць кожнаму па добрай чарцы гарэлкi i няхiтрую закуску: сала з хлебам i салёным гурком.
У дзесяць гадзiн вечара пачалi з’язджацца госцi. Неяк разам з галоўных вулiц i шматлiкiх завулкаў пацягнулiся да губернатарскага дома санныя карэты, пратарахцела, пужаючы коней, машына, што невядома адкуль з’явiлася.
Генерал-губернатар, маладжавы i рухавы, апрануты ў новы мундзiр, на якiм блiшчэлi розных памераў ордэны i крыжы, асабiста сустракаў гасцей. Але вось зайгралi музыкi-аркестранты, i ён цырымонна запрасiў на танец чарнявую прыгажуню ў белай сукенцы, выйшаў на сярэдзiну вялiкай залы. Баль пачаўся. Цяпер сустракаў гасцей высачэзны, двухмятровы, напышлiвы дварэцкi. Ён усё радзей i радзей грукаў па падлозе вялiкiм палiраваным кiем з блiскучым набалдашнiкам i абвяшчаў тых, хто спазнiўся. Без чвэрцi дванаццаць вяшчальнiк грукнуў апошнi раз i грамавым басам абвясцiў:
– Граф i графiня Аляксандравы з сынам i дачкой.
Да пачатку новага 1910 года заставалася некалькi хвiлiн. У зале панавала цiшыня, толькi дзе-нiдзе дзынькала шкло. Усхваляваныя госцi, урачыста трымаючы ў руках бакалы, чакалi. I вось забiлi званы: раз, другi… пяты… дванаццаты. Грымнулi стрэлы, i адразу неба засвяцiлася пурпурна-лiловым, белым, зялёным колерам. Зазвiнелi бакалы, зайграла музыка, баль працягваўся.
Граф Аляксандраў-малодшы не стрымаўся, паглядзеў на гадзiннiк: да прызначанай сустрэчы заставалася сорак хвiлiн. Ён скоса зiрнуў на бацьку, мацi, выпiў шампанскае i, не ведаючы, куды дзець бакал, пасунуўся да выхада. Малады граф трымаўся так, каб не прыцягваць увагу бацькоў, зрэшты, гэта было не так ужо i цяжка, а вось увагi маладых паненак ён, трыццацiгадовы прыгажун, пазбегнуць не змог.
– Граф, выпiце са мной… – дарогу ўцекачу заступiла бялявая, пышнагрудая графiня Балотнiкава, сяброўка сястры, i, убачыўшы пусты бакал, крыкнула: – Эй, чалавек, шампанскага!..
Да iх хуценька падышоў апрануты ў фрак афiцыянт у белых пальчатках i напоўнiў бакал.
– За што вып’ем, Сяргей Уладзiмiравiч? – выдыхнула Балотнiкава i, хiтнуўшыся, зрабiла крок, падышла да непрыстойнасцi блiзка.
Граф нiяк не адрагаваў. Ён узяў бакал i стрымана прамовiў:
– Вып’ем, Клаўдзiя Пятроўна, за тое, што i ўсе, – за Новы год, – ён выпiў, паставiў бакал на разнос, якi трымаў манументальны афiцыянт, i, па-бацькоўску пацалаваўшы маладую графiню ў лоб, хвiлiну падумаў i цiха на вуха прашаптаў: – Вам усяго толькi шаснаццаць…
Сяброўкi Балотнiкавай, якiя назiралi за гэтай сцэнай, пырснулi ад смеху, сама ж дзяўчына iмгненна зачырванелася. Але гэтага Аляксандраў ужо не бачыў, час прыспешваў, i ён, афiцэр ваенна-марскога флоту, статны i рашучы, не тоячыся, прытрымлiваючы рукой корцiк, крочыў да выхада. У вестыбюлi, пакуль апранаўся, чуў, як вастраносы чалавек у драпавым палiто, пiратэхнiк, па ўсiм, iншаземец, скардзiўся дварэцкаму на салдат: