Магчыма, што нічога з гэтага і не адбылося б, калі б у той вечар Ясь не згадзіўся пайсці на рачную выспу пільнаваць суседскіх малых.
Паглядзець за дзецьмі больш ніхто не мог: дарослыя былі нечым занятыя. І ён, хоць і прахадзіў цэлы дзень невясёлы, вырашыў дапамагчы – спадзеючыся хоць такім чынам забыцца пра тое, што ў апошні час не давала яму спакою.
Выспа была зусім блізка ад берага. Да яе можна было прайсці па калена ў вадзе. Але местачковыя дзеці любілі дабірацца па-іншаму: на самаробных плытах. Ім не забаранялі гэтак забаўляцца пры ўмове, што за імі прыгледзіць Ясь альбо ягоная сяброўка Мірка, якія былі самымі старэйшымі і таму іншымі дзецьмі ўспрымаліся ўжо амаль як дарослыя. Не дазвалялася толькі нікому адплываць за выспу: рака была вялікая, хуткая і вірлівая.
Ясь і Мірка былі з аднаго горада. Больш за тое: яны хадзілі ў адну школу і адзін клас, да таго ж яшчэ так сталася, што і ўлетку яны ездзілі на вакацыі сюды, на поўдзень ад горада, у адно мястэчка. Мірка вучылася вельмі добра, вучоба давалася ёй лёгка. Яна была разумная і прыгожая дзяўчынка, адзіная дачка ў сваёй сям’і.
Невясёлыя Ясевы думкі былі менавіта пра яе. Колькі дзён таму ён, выйшаўшы на вуліцу, не ўбачыў Міркі… На другі дзень яе таксама не было. Тады ён вырашыў падысці да ейнага дома, каб даведацца, ці не здарылася што. Там яго сустрэлі сумныя бацькі дзяўчыны. Маці выглядала так, нібы ўсю ноч плакала (а так яно і было), а бацька быў як хмара.
– Ах, Ясю, – уздыхнула Мірчына маці, – нашая дачушка захварэла. Яна не зможа сёння выйсці.
– А ці можна яе ўбачыць?
Маці прапусціла яго ў дом.
Мірка ляжала ў сваім ложку. Яна заўважыла сябра і прыпаднялася.
– Ясь?
– Як ты?
– Ты бачыш… Шкада, што так.
Ясь стаяў і не ведаў, што сказаць. Мірка адвярнулася да сцяны. Ён не быў упэўнены, але яму здалося, што Мірка заплакала.
Некалькі наступных дзён Ясь таксама не выходзіў з дому. Ісці на вуліцу, калі там няма Міркі, яму не хацелася. А да яе самой нікога не пускалі. Доктар прыязджаў некалькі разоў, але, як зразумеў Ясь з размоваў дарослых, ёй рабілася ўсё горш і горш, і калі прайшло яшчэ тры дні, на Мірчыных бацькоў было зусім горка глядзець. Ясь даведаўся, што яе павінны павезці ў горад, у шпіталь. І гэта азначала, што справы сапраўды кепскія.
А мінулым вечарам, калі ўжо трэба было класціся спаць, ён незнарок пачуў, як ягоная бабуля кажа дзядулю:
– Зусім блага з Міркай… Сёння зноў быў доктар і сказаў, што паслязаўтра яе забіраюць, але ў яе нейкая рэдкая хвароба, лекаў ад якой няма, – па голасе Ясь зразумеў, што тут у бабулі навярнуліся на вачах слёзы. – Лекар сказаў, што ёй ужо нічым не дапаможаш…
Калі Ясь пачуў гэтыя словы, быццам востры халодны нож працяў ягонае сэрца. Ноччу ён спаў трывожна, шмат разоў прачынаўся і згадваў пра Мірку.
Таму ў гэты вечар, калі суседскія малыя сабраліся на выспу і іхнія бацькі папрасілі Яся прыгледзець за дзецьмі, ён пагадзіўся – у надзеі, што зможа пачаць думаць хоць пра штосьці іншае.
Дзяцей было пяцёра: два хлопчыкі – Стасік і Міколка, ды тры дзяўчынкі – Анэля, Алеся, а таксама Франчэся, самая малодшая, меншая сястра Анэлі.
– Фкавыце, а мовна я вавьму ф фабой мяфык? – запытала Франчэся.
– Можна, куды ж ты без яго? – адказаў Ясь.
– Фкавыце, а фто мы там будзем вабіць?
– Нам трэба адрамантаваць буданы, – сказаў Міколка.
– І зрабіць новыя вуды, – дадаў Стасік.
– І запекчы кілбаскі і хлеб, – сказала Анэля, якая ўвогуле любіла паесці.
Дзеці перабраліся на свой плыт, адвязалі яго ад калоў, закапаных глыбока ў бераг, і хутка даплылі да выспы. Іх выспа – а яны лічылі яе сваёй – была невялікая. Па берагах расло кустоўе, а ў цэнтры – некалькі хвояў.
Анэля разаслала посцілку, хлопцы назбіралі галінак, і Ясь, як самы старэйшы з іхняй кампаніі, расклаў вогнішча. Голле хутка разгарэлася, пачало лёгка патрэскваць, зашыпеў сасновы смаляк, і вечар напоўніўся такім апетытным пахам дымку, што дзеці хуценька ўзялі доўгія галінкі, ачысцілі іх ад кары, начапілі кілбаскі і паднеслі да полымя. Праз некалькі імгненняў кілбаскі смачна засквірчэлі, палопаліся, і кропелькі тлушчу сталі капаць у агонь.