Карчма.
Першы дзень лета і мой дваццаць першы дзень нараджэння. Раней я заўсёды любіла гэты дзень, бо, па-першае, пачыналісь вакацыі, а па-другое, мой лепшы сябар Тадэвуш заўсёды рабіў для мяне сюрпрызы: то наладжваў сапраўдны бой на мячах, то майстраваў домік на дрэве, а аднойчы ён нават здабыў для мяне папараць-кветку, але здабытая раней за Купалле, яна, на жаль, не валодала чароўнымі ўласцівасцямі. Тадэвуш кожны год выдумляў штосьці новае, таму першы дзень лета я заўсёды чакала з нецярплівасцю, пакуль не пасварылася з сябрам і не пакінула вёску назаўжды. Вось ужо пяты свой дзень нараджэння я сустракала адна, спрабуючы нават не думаць і не успамінаць пра ўсё тое, што здарылася, калі мне споўнілася шаснаццаць. Сёлета я сядзела ў лесе, схваўшыся за вялізарным дубам і чакала: у хуткім часе павінна была прыляцець сойка: яе птушаняты ўжо галасілі на ўвесь лес, такі гоман можа і Пушчавіка разбудзіць, вось тады мне не здабыць не тое што разрыў-траву, але і спакою. Усё ж я спадзявалася, што сойка ў хуткім часе прыляціць і мне не прыйдзецца сустракацца з заімшэлым веліканам. Пачакаўшы яшчэ паўгадзіны і амаль страціўшы надзею, я ўжо хацела вызваліць птушанятаў сама, і акурат у гэты момант сойка прыляцела да сваіх дзяцей, але, як і было задумана, не змагла да іх заляцець: адтуліна гнязда была добра мной замазана глінай. Птушаняты пішчалі, я бачыла беспаспяховыя спробы сойкі прабіцца да сваіх дзяцей. Нарэшце яна зразумела, што не зможа сама іх выратаваць, кінуўшы вусяка, яна паляцела на ўсход. Я замерла ў чаканні, ужо не звяртаючы на піск маленькіх соек. Верхавіны дрэваў пачалі моцна гойдацца, але мяне гэта не схвалявала, бо я пабачыла: сойка-маці вяртаецца, несучы ў дзюбе зялёна-жоўтую траўку. Нібыта ні было аніякай гліны, аніякіх перашкод, сойка заляцела да сваіх дзяцей, а я хуценька падышла да абруса, які расцяліла загадзя, і ўзяла запаветную траўку. Насаладзіцца поспехам я не паспела: Пушчавік з’явіўся акурат перад маім вачыма. Калі б я не была вядзьмаркай, то памерла ад аднаго віда страшэннага і бязлітаснага велікана, але ужо год як я скончыла навучанне, то бок афіцыйна займалася вядзьмарскай справай. Менавіта таму я не спужалася, асцярожна схваўшы доўгачаканую траўку ў кішэні, я пачала рухацца хвалямі, улева, управа, каб як мага хутчэй пакінуць пушчу. Пушчавік зароў, як бык, пачаў круціць галавой, спрабуючы знайсці мяне, але зрок у яго быў дрэнны, таму яму было цяжка злавіць мяне. Асцярожна ступаючы, я рухалася наперад, але не выпускаючы (што, канешне, было і немагчыма) велікана з поля зроку: ён быў небяспечны, у любы момант мог выпадкова растаптаць мяне. Хутка неба пачало святлець, дрэваў станавілася ўсё менш, а значыць Пушчавіку было лепш разглядзець мяне, таму я паскорылася.
– НННAHHHHA, – зароў велікан, радасць паляўнічага, які нарэшце загнаў сваю здабычу, была ў яго воклічу.
Я спынілася, паглядзела на яго з усмешкай.
– Ну ты і дурны, – засмяялася я, калі Пушчавік паспрабаваў, але так і не змог дакрануцца да мяне, – Тут ужо ня ты валадар. То ж бывай.
Адказам мне быў злосны жудасны крык валадара лесу, але мне было ўсё роўна, тут я ўжо была ў бяспецы. Ну амаль. Паляна, на якой я аказалася, была прыгожай і ветлівай, але ў гэтай ветлівасці і была пагроза, бо я пачула лёгкі гук – зззззззз – нечакана з’явілася дрымотнасць, вельмі захацелася легчы на зялёную траўку пад цёплыя сонечныя прамені. Як жа добра быць вядзьмаркай і ведаць усе хітрасці нячысцікаў!
– Не-а, Палявік, сёння ты застанешся без салодкай здабычы, – я склала тры пальцы разам, паднесла іх да вуснаў ды як свіснула!
Пачулася шыпенне нячысціка, які упаўзаў ад мяне як змяя, а потым хутчэй ветра прыскакаў мой любы і веры конь – Русак. Я любіла свайго каня – шэры, з белай зорачкай на ілбу, маленькі, ён быў значна менш за сваіх суродзічаў, бо, калі я яго пабачыла год таму ў горадзе ён амаль паміраў. Гаспадар біў яго коданым дубцом, падганяючы няшчаснага, таму што планаваў прадаць яго як мага хутчэй на бліжэйшам кірмашу.